КО́МПЛЕКСНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
каардынацыйныя злучэнні, злучэнні, якія маюць катыённы, аніённы або нейтральны комплекс, што складаецца з цэнтр. атама ці іона (комплексаўтваральніка) і злучаных з ім атамаў, іонаў ці малекул — лігандаў. Колькасць атамаў, непасрэдна злучаных з комплексаўтваральнікам — каардынацыйны лік — звычайна перавышае велічыню яго спінавай валентнасці. Узаемадзеянне паміж цэнтр. атамам і лігандамі бывае донарна-акцэптарнае (гл. Каардынацыйная сувязь), іон-іоннае ці іон-дыпольнае. Комплексаўтварэнне найб. характэрна для пераходных металаў.
Комплексы бываюць электранейтральныя (напр., карбанілы металаў, у якіх нейтральныя атамы металаў злучаны з атамамі вугляроду карбанільных груп) ці ўяўляюць сабой дадатна або адмоўна зараджаныя іоны, напр., комплексны катыён [Cu(NH3)4]2+; комплексны аніён [Fe(CN)6]3-. У састаў К.з. комплексныя іоны ўваходзяць разам з процііонамі, напр., [Cu(NH3)4]Cl2 хларыд тэтраамін медзі (II); K3[Fe(CN)6] гексацыянаферат (III) калію. У жывых арганізмах К.з. прысутнічаюць у выглядзе вітамінаў, ферментаў — комплексаў металаў (жалеза, медзі, магнію, марганцу, кобальту, малібдэну) з бялкамі.
Літ.:
Берсукер И.Б. Электронное строение и свойства координационных соединений. 3 изд. Л., 1986;
Костромина Н.А., Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)